ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.І.Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)